У таямніцы ад беларускага народа ідзе здача Беларусі
Пра гэта ў заяве паведамілі сябры Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, пасяджэнне якой адбылося ў Менску ў суботу, 3 жніўня.
Рада БНК прыняла заяву.
Заява Рады БНК
Паразітарная дыктатура, пабудаваная Лукашэнкам, губляе свой падмурак. Крэмль згортвае датацыі менскаму рэжыму і патрабуе здачы суверэнітэту для іх захавання.
Лукашэнка пакуль спрабуе ўпірацца. Але ён згубіў падтрымку народа і панічна баіцца рэформ. А без расейскіх грошай нерэфармаваную беларускую эканоміку чакае непазбежны крах. Лёс “суверэннай” дыктатуры прадвызначаны. Перамены непазбежныя. У таямніцы ад народа ўжо ідуць інтэнсіўныя перамовы аб умовах здачы Беларусі.
Перад намі два шляхі. Альбо дазволіць дыктатару прадаць нашу краіну. Альбо вызваліць яе і пабудаваць новую паспяховую Беларусь.
Беларускі Нацыянальны Кангрэс выкарыстае ўсе мажлівасці для абароны незалежнасці і мірных перамен. У тым ліку мы скарыстаемся дзеля іх працэдурамі “выбарчых” кампаній рэжыма.
Уладу – народу! Жыве Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя, Менск