Акцыі пратэсту ў Менску



У Менску, як і па ўсёй Беларусі, сёння прайшлі акцыі пратэсту з нагоды таямнічай інаўгурацыі Лукашэнкі. Па дадзеных незарэгістраванага праваабарончага цэнтра „Вясна”, на несанкцыянаваных акцыях пратэсту затрымана ўжо больш за 120 чалавек. Спіс папаўняецца.

У розных частках горада працягваюцца стыхійныя акцыі  і  сутычкі сілавікоў з пратэстоўцамі.

На Нямізе пратэстоўцы спрабавалі адбіць затрыманага.

Мужчына быў затрыманы насупраць рэстарана „Бургер Кінг” пры разгоне прысутных. Каля ста чалавек выйшлі на праезную частку, атачылі аўтобус, куды змясцілі затрыманага, і пачалі скандаваць „Выпускай!”. Да іх прыбеглі сілавікі ў цывільным, сталі адганяць ад аўтобуса. Людзі разбегліся ў бок вул. Гарадскі Вал, за імі рушылі сілавікі.

Аўтобус з’ехаў. Каля трох дзясяткаў сілавікоў у цывільным на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалаем Карпянковым сышлі.

Каля Петрапаўлаўскай царквы быў чутны гук выбуху ці стрэлу.

* * * 

Каля 20 хвілін пратэстоўцы перакрывалі рух транспарту па вуліцы Няміга каля моста.

Пасля таго як з’явіліся сілавікі ў цывільным і балаклавах, дэманстранты адышлі далей ад іх, на тратуар. Байцы АМАПа пашыхтаваліся ў ланцуг каля кафедральнага сабора.

Аўтазакі спыніліся на Нямізе насупраць сабора, сілавікі кінуліся на ўзгорак да царквы.

Каля рэстаранаў KFC і „Бургер Кінг” адбыліся затрыманні, карэспандэнт БелаПАН бачыў затрыманне трох чалавек. У KFC быў заўважаны начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў.

Два чалавекі былі затрыманыя сілавікамі ў цывільным і балаклавах на летняй тэрасе „Бургер Кінга”, яшчэ аднаму разбілі тэлефон. Сілавікі падыходзілі да наведвальнікаў і груба патрабавалі не здымаць іх на відэа.

Падчас разгону пратэстоўцаў у ГЦ „Галерэя” былі заўважаныя невядомыя з помпавымі стрэльбамі.

* * * 

Людзі сабраліся каля «Галерэі». Тут працягваюцца адзінкавыя затрыманьні, у дварах «хапун».

* * * 

У сталіцы праходзяць жорсткія затрыманні. АМАП выкарыстоўвае вадамёт супраць мірных пратэстоўцаў.

Пад’ехала не менш за сем аўтазакаў, тры аўтобусы і пяць мікрааўтобусаў, якія сталі каля гасцініцы „Планета”. Людзей пачалі адціскаць у бок Палаца спорту. Туды ж накіравалася тэхніка. Частку дэманстрантаў сілавікі са шчытамі адганяюць у парк насупраць „Планеты”.

* * * 

Некалькі тысяч дэманстрантаў рухаюцца па праспекце Пераможцаў у напрамку стэлы „Мінск — горад-герой”, у некаторых — кардонная карона на галаве і бел-чырвона-белыя сцягі.

Яны скандуюць „Жыве Беларусь”, „Саня, адпусці любімую”, „Сыходзь!” і іншыя лозунгі.

Людзі сабраліся таксама ў раёне станцыі метро „Пушкінская”, дзе падчас разгону мірнай дэманстрацыі 10 жніўня загінуў 34-гадовы жыхар Мінска Аляксандр Тарайкоўскі.

Тым часам на плошчы Незалежнасці збіраюцца прыхільнікі Лукашэнкі.

* * * 

У цэнтр Менска сцягнутая міліцэйская і ваенная тэхніка. Відавочцы паведамляюць аб аўтазаках, міліцэйскіх аўтобусах і вайсковых грузавіках у раёне плошчы Незалежнасці, Палаца спорту, Нямігі.

Карыстальнікі сацсетак пішуць, што супрацоўнікаў шэрагу гандлёвых аб’ектаў, прадпрыемстваў і дзяржустаноў сёння раней адпусцілі з працы. Студэнтам змянілі расклад, вячэрнія заняткі адмененыя.

Сёння ў Менску ў абстаноўцы сакрэтнасці адбылася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Цырымонія не анансавалася, як гэта звычайна робіцца, аб ёй стала вядома ўжо пастфактум з паведамлення дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, якое пазней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі.

З 9 жніўня, дня прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі мінулай выбарчай кампаніі. Паводле дадзеных ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбаршчыкаў. Яўка на выбарах склала 84,28%.

belapan.by

Фота: svaboda.org