У ЦВК пададзены пакет дакументаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі
Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі 20 чэрвеня падала ў Цэнтральную выбарчую камісію пакет дакументаў для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
„Усе вы, удзельнікі ініцыятыўных груп і актыўныя грамадзяне Беларусі, аддалі шмат сіл і часу, каб гэта адбылося. Неверагодны месяц і рэкордная колькасць сабраных подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўнага кандыдата. Дзякуй вам! Менавіта гэтыя дзеянні дазволілі падаць сёння ў ЦВК поўны пакет дакументаў, у абсалютнай адпаведнасці з артыкулам 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, — паведамляе штаб Бабарыкі. „За яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабрана і верыфікавана 434 тысячы 985 подпісаў. Гэта абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных вылучэнцаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.” На жаль, падаць у выбарчыя камісіі нам удалося толькі 365 тысяч подпісаў. У сувязі з тым што Віктар і Эдуард затрыманыя, астатняя частка подпісаў не можа быць дастаўленая ў выбарчыя камісіі”, — распавяла прадстаўнік яго штаба падчас стрыму ўвечары 19 чэрвеня.
Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард акурат былі затрыманыя раніцай 18 чэрвеня, калі панеслі здаваць у ЦВК частку сабраных подпісаў. Рэгістрацыя кандыдатаў адбудзецца з 5 па 14 ліпеня. Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелаПАН