У ЦВК пададзеныя заявы на рэгістрацыю трох ініцыятыўных груп



11 мая пададзеныя тры заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, паведамляе сайт Цэнтрвыбаркама Беларусі.

Дакументы на рэгістрацыю падалі Анжаліка Жалезнякова (1967 года нараджэння), Вераніка Мішчанка (1968 года нараджэння) і Аляксандр Грачышнікаў (1976 года нараджэння).

Жалезнякова і Грачышнікаў паказалі сябе ў якасці кіраўнікоў ініцыятыўных груп, у Мішчанкі кіраўніком ініцыятыўнай групы пазначаны Валянцін Троцкі.

„Адбылася пробная падача на рэгістрацыю ініцыятыўных груп першых трох кандыдатаў пратэсту, — напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. — У суправаджэнні таварышаў па „Народнай Грамадзе” Вераніка Мішчанка, Анжаліка Жалезнякова і Аляксандр Грачышнікаў прынеслі спісы сваіх ініцыятыўных груп у Цэнтрвыбаркам. 14 мая адбудзецца падача на рэгістрацыю ініцыятыўных груп усіх кандыдатаў пратэсту”.

Раней у каментары БелаПАН Статкевіч заяўляў, што ён і яго прыхільнікі будуць удзельнічаць у прызначаных на 9 жніўня прэзідэнцкіх выбарах „паводле ўласных правілаў”, каб выкарыстоўваць магчымасці для сустрэч з людзьмі, што даюцца мэтай агітацыі.

„Я нагадаю стратэгію Беларускага нацыянальнага кангрэса, які вылучыў мяне кандыдатам у прэзідэнты, партыі „Народная грамада”, якая ўваходзіць у кангрэс, — сказаў палітык. — Наша стратэгія абапіраецца на тое, што выбараў няма. Удзел па правілах уладаў у гэтых нібыта выбарах — імгненная параза. Але ёсць працэдура выбараў, улады абавязаныя даваць [кандыдатам] пэўныя магчымасці, недаступныя ў звычайны час, якія датычацца масавага збору людзей. Мы плануем гэтым скарыстацца. Безумоўна, больш карэктываў уносіць пандэмія, але яна не адмяняе нашых планаў”.

Паводле слоў Статкевіча, раней планавалася, што пасля таго, як Цэнтрвыбаркам не зарэгіструе ініцыятыўную групу па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты — з прычыны судзімасці, некалькі дзясяткаў яго прыхільнікаў зарэгіструюцца ў якасці „кандыдатаў пратэсту”. Гэтыя планы, сказаў ён, зараз некалькі скарэктаваныя.

„14 мая мы адразу агулам з усімі кандыдатамі пратэсту збярэмся на плошчы Незалежнасці і панясем спісы сваіх ініцыятыўных груп на рэгістрацыю, — сказаў ён. — У законе не апісаная гэтая працэдура. Гэта будзе і не дэманстрацыя, не мітынг, проста збяруцца ўсе члены маёй ініцыятыўнай групы, людзі, якія падтрымліваюць ідэю сумленных выбараў без Лукашэнкі. Пастаім, пагаворым, яны дапамогуць нам данесці цяжкія спісы”.

Пасля рэгістрацыі ініцыятыўных груп „кандыдатаў пратэсту”, як сказаў палітык, яны пачнуць праводзіць у 20 гарадах „сустрэчы з людзьмі, мітынгі на сваіх пікетах па зборы подпісаў”.

belapan.by