У Турцыі бліжэйшыя месяцы чакаюць з візітам Лукашэнку



У Турцыі „бліжэйшыя месяцы” чакаюць з візітам Аляксандра Лукашэнку, паведаміла турэцкі пасол у Беларусі Кезбан Нілвана Дарама 24 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

„Ёсць запрашэнне на адрас Аляксандра Лукашэнкі на найбліжэйшыя месяцы, — сказала яна. — Мы будзем вельмі рады бачыць прэзідэнта Лукашэнку ў сябе ў краіне. Гэты візіт упрыгожыць сабой адносіны паміж нашымі краінамі”.

Дарама нагадала, што ў 2016 годзе Менск наведаў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган. „Гэта стала новым пунктам у нашых адносінах, — зазначыла пасол. — Адносіны Турцыі і Беларусі развіваюцца найлепшым чынам. Пасля візіту прэзідэнта Эрдагана быў вельмі актыўны перыяд, калі тры турэцкія міністры наведалі Беларусь, а старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч прыязджаў у Турцыю. У лютым гэтага года ў Беларусь таксама прыязджаў прэм’ер-міністр Турцыі”.

Дакладная дата візіту Лукашэнкі ў Стамбул яшчэ не вызначаная. „Усё залежыць ад працоўных графікаў кіраўнікоў дзяржаў”, — растлумачыла Дарама.

belapan.by