Беларусы Варшавы пратэстуюць супраць удзелу Лукашэнкі ў саміце
“Мы катэгарычна супраць таго, каб Аляксандр Лукашэнка меў любы афіцыйны візіт у Латвію”, – заяўляе лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.
У гэтыя хвіліны каля амбасады Латвіі ў Варшаве пачынаецца акцыя пратэсту супраць прысутнасці кіраўніка Беларусі на саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Рызе 21-22 траўня.
Паводле Вячаслава Сіўчыка, еўрапейскія палітыкі робяць вялікую памылку, калі спрабуюць “заігрываць” з Лукашэнкам:
– Нас вельмі засмуцілі тыя інтэрв’ю, якія давалі кіраўнікі Латвіі на прадмет таго, што яны з вялікім бы задавальненнем сустрэліся бы з дыктатарам, калі бы ён даехаў да Рыгі. Мы звяртаем увагу і латвійскіх палітыкаў і палітыкаў Еўропы, што, дзякуючы такой палітыцы Еўразвязу, рэжым Лукашэнкі ўзмацняе рэпрэсіі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца і судовая расправа, якая адбылася 4 траўня над лідарам апазіцыі Міколам Статкевічам.
Удзельнікі акцыі лічаць, што замест таго, каб падтрымліваць дыктатуру Лукашэнкі, трэба дапамагаць беларускай нацыі вярнуцца ў Еўропу. Арганізатары акцыі з Руху салідарнасці “Разам” перададуць зварот латвійскаму амбасадару з заклікам не запрашаць Лукашэнку ў Рыгу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info