У Варшаве судзяць за шпіянаж беларуса
У Акруговым судзе Варшавы пачаўся працэс Юрыя К. Польская пракуратура вінаваціць яго ў шпіянажы.
Юрый К. — былы выкладчык Гародзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і былы дырэктар па маркетынгу газеты «Вечерній Гродно». У Польшчы не прынята называць прозвішчы людзей, якіх судзяць, у СМІ, пакуль не прагучаў прысуд.
Журналіст Андрэй Пачобут у сваім фэйсбуку называе прозвішча абвінавачанага — Кійко.
Яго затрымалі ў Польшчы, калі ён фатаграфаваў вайсковыя аб’екты — у прыватнасці, натаўскі цэнтр Joint Force Training Centre у Быдгашчы.
К. спачатку сцвярджаў, што выконвае рэдакцыйнае заданне газеты, хоць на той момант у газеце ён ужо не працаваў. Беларусь ніякіх заяваў наконт К. не рабіла. Падчас следства яго абараняў толькі бясплатны польскі дзяржаўны адвакат. Як і ўсе суды ў Польшчы па справах аб шпіянажы, суд закрыты.
Вядома, што тэрміновую вайсковую службу К. праходзіў у вайсковым спецназе. На сёння яму 35 гадоў, у яго ёсць жонка і дачка.
Пра К. стала вядома, калі ў рэдакцыю Gazety Wyborczej прыйшоў ліст у канверце са зваротным адрасам — следчы ізалятар, вуліца Ракавецкая, Варшава. Яго аўтар, беларус, па-польску, з памылкамі, прасіў аб дапамозе: «Звяртаюся да Вас па дапамогу свабоднага слова СМІ. Я шчыра спадзяюся, што Вы будзеце мець смеласць правесці ўласнае расследаванне і высветліць праўду», піша „Наша Ніва„.
Былыя калегі па працы захавалі негатыўны ўспамін пра К.: «Я памятаю, што ён корпаўся ў нашых камп’ютарах, з гэтай нагоды нават быў скандал. Ён быў слізкім, ад яго хацелася трымацца далей», — успамінае адна з журналістак.
На судзе К. не прызнаў сябе вінаватым. Ён заявіў, што справу сфабрыкавалі польскія спецслужбы.