У Варшаве ўшанавалі ахвяр студэнцкіх пратэстаў сакавіка 1968 года
У Варшаве ўшанавалі ахвяр студэнцкіх пратэстаў сакавіка 1968 года. На галоўным кампусе Варшаўскага ўніверсітэту адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання вянкоў. Прамовы прэзідэнта і іншых высокапасадоўцаў суправаджаў гучны пратэст мітынгоўцаў, якія запоўнілі сабою ўніверсітэцкі кампус. Гаворыць Прэзідэнт Польшчы, Анджэй Дуда:
— Камуністы бязлітасна задушылі студэнцкія пратэсты. Усе тыя, хто заслужыўся сваёй вялікай мужнасцю ўвесну 1968 года, гэта помнікавыя постаці для Польшчы. Гэты абшар універсітэту, гэта месца, асвечанае мужнасцю і геройствам тагачаснай польскай моладзі. За гэта я сёння, як прэзідэнт, глыбока кланяюся ім.
Пратэстоўцы трымалі ў руках белыя ружы і выкрыквалі крытычныя ў стасунку да ўлады лозунгі, працягваюць удзельнікі акцыі:
— Незалежнасць — без цэнзуры!.
Давід Вінярскі, «Грамадзяне РП»:
— Я трымаю транспарант, на якім напісана: «Мая Радзіма — Чалавечнасць». І гэта адказ на прысутнасць прэзідэнта на кампусе ў гадавіну Сакавіка 1968 года. Мы лічым, што ягоная прысутнасць у гэтым месцы — нядобрая. Я лічу, што гэта гадавіна, якая мае быць аддадзена ўдзельнікам тых падзей.
Пратэст студэнтаў у сакавіку 1968 года быў выкліканы спробай камуністычнай улады ўзмоцніць цэнзуру. Пацыфікацыя студэнцкага пратэсту стала часткай антысеміцкай кампаніі кіруючай тады Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі. У выніку антысеміцкай кампаніі ад 13 да 20 тысяч габрэяў былі вымушаны пакінуць Польшчу, з большага гэта былі прадстаўнікі творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава