У Варшаве выступіла «каманда Навальнага», узгадалі і Беларусь



Арганізацыя «Вольная Расея» зладзіла сустрэчу з паплечнікамі расейскага палітыка Аляксея Навальнага. Частка з іх стала палітэмігрантамі, у тым ліку Уладзімір Ашуркаў. Між іншым, ён адказаў на пытанне, як будзе рэагаваць вольная пасляпуцінская Расея ў выпадку, калі Беларусь зробіць выбар у бок Еўраінтэграцыі.

– Будзе добра для Расеі, безумоўна, калі беларускі народ зробіць выбар у гэтым кірунку. І я думаю, што і расейскі народ у бліжэйшым будучым зробіць такі выбар. І для Расеі, безумоўна, натуральнае імкненне ў Еўропу. А што такое Еўропа? Гэта не нейкія палітычныя і ваенныя саюзы. Гэта перадусім еўрапейскія каштоўнасці – свабодныя выбары, незалежныя суды, свабодная грамадзянская супольнасць.

Ашуркаў і іншыя паплечнікі Навальнага выразілі думку, што Расея і Беларусь патрабуюць мірнага пераходу да вольнасці па сцэнарыі польскага Круглага стала, пры гэтым тактыка «рэформы ўзамен на адсутнасць люстрацыі і пакарання для папярэдніх уладаў» можа быць прымальным кампрамісам пры пэўных варунках.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота perebezhchikru.livejournal.com