У Варшаве заклікалі не здымаць санкцый з беларускага рэжыму
Выкраданні і забойствы лідараў апазіцыі ў Беларусі абмеркавалі на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве. Рабочая сустрэча пад назвай «Выкраданні: пакласці канец беспакаранасці».
Яна была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь» пры падтрымцы Нямецкага фонду Маршала, Фонду міжнароднай салідарнасці, Хельсінкскага фонду па правах чалавека у Польшчы, Беларускага дакументацыйнага цэнтра, Фонду „Мы памятаем”, Фонду міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў, ды Азіяцкай федэрацыі супраць гвалтоўных знікненняў, паведамляе charter97.org.
У рабочай сустрэчы прынялі ўдзел каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, які быў яе мадэратарам, генеральны сакратар Азіяцкай федэрацыі супраць гвалтоўных знікненняў Марыя Айлін дыез Бакалсо, жонка выкрадзенага ў 1999 годзе бізнэсоўца Анатоля Красоўскага – Ірына Красоўская, жонка выкрадзенага ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага – Святлана Завадская, кіраўнік цэнтра „Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Mіхайлоўская. На ёй таксама прысутнічалі беларускія і міжнародныя эксперты, праваабаронцы ды журналісты. На працоўную сустрэчу прыбыў проста з варшаўскага аэрапорта былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які выйшаў на свабоду месяц таму.
Андрэй Саннікаў нагадаў аб тым, што ў гэтым годзе споўнілася 16 гадоў з моманту знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і 15 гадоў – з моманту выкрадання Дзмітрыя Завадскага. Ён падкрэсліў, што краіны ЕЗ не павінны здымаць санкцыі з беларускага рэжыму да таго часу, пакуль не будзе праведзена расследаванне гэтых спраў.
Удава выкрадзенага ў Беларусі бізнесоўца Ірына Красоўская заявіла, што пакуль ва ўладзе ў краіне знаходзіцца Лукашэнка, справы аб гвалтоўных знікненнях расследавацца не будуць, а злачынцы застануцца беспакаранымі.
Мікалай Статкевіч распавёў аб новых фактах, звязаных з выкраданнямі вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі.