Канферэнцыя высокага роўню па Беларусі ў Вене (абноўлена)
Падчас выступлення Святлана Ціханоўская нагадала міжнародным партнёрам іх словы пра адзінства ў падтрымцы беларусаў, паўтарыла пазіцыю дэмакратычных сілаў пра тое, што трэба працягваць ціск на рэжым, вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах і не рабіць ніякіх саступак нелегітымнаму рэжыму.
„Адзіны шлях для вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі – гэта дыялог”, – заявіла Ціханоўская. Пры гэтым яна падкрэсліла, што „няма сэнсу штосьці абмяркоўваць з Лукашэнкам”, бо яму „нельга давяраць”, – цытуе выступленне Ціханаўскай яе прэс-служба.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дыялог можа пачацца толькі пасля вызвалення ўсіх невінаватых.
Канцлер Аўстрыі Аляксандэр Шаленбег падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі непрымальная: і крызіс правоў чалавека, і штучна створаны мігранцкі крызіс. Ён заявіў, што Еўропа павінна паважаць барацьбу беларускага народа.
Фота: скрыншот з відэа
Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау адзначыў, што беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару, загінулі людзі. Ён заявіў, што Еўропа і ЗША павінны быць адзіныя, а санкцыйны спіс – шырокім.
„Мы не вернемся ў статус-кво, які быў да выбараў 2020-га”.
* * *
«На шляху да шчаслівай і бяспечнай будучыні Беларусі». Канфэрэнцыя пад такім назовам, ініцыяваная Святланай Ціханоўскай, стартуе сёння ў Вене.
Дзея пройдзе ў відэафармаце праз новыя карантынныя захады ў Аўстрыі. Удзел возьмуць міністры замежных спраў Нямеччыны, Фінляндыі, Латвіі, Эстоніі, Славеніі і Славаччыны. Афіцыйны Менск і Крэмаль адмовіліся ад удзелу. У гэтай сувязі палітытычны аналітык Валер Карбалевіч ставіцца да плёну Венскае канфэрэнцыі скептычна.
„Адказам афіцыйнага Менску на запрашэнне на канферэнцыю стала эскалацыя крызісу на мяжы. Гэтая канферэнцыя непатрэбная афіцыйнаму Менску, Макей назваў яе антыбеларускай. Шчыра кажучы не бачу вялікага сэнсу правядзення гэтай канферэнцыі. Перамовы паміж кіраўнікамі беларускай апазіцыі і прадстаўнікамі еўрапейскіх краін, чагровая сустрэча, чарговыя абмеркаванні, якіх было ўжо шмат. Я не бачу, якім чынам гэта можа наблізіць вырашэнне беларускага пытання”.
Валеру Карбалевічу пярэчыць Валер Кавалеўскі, кіраўнік Кабінету Ціханоўскай:
„Тое, што Спадар Карбалевіч называе проста чарговым сходам, такога ніколі раней у гісторыі не было, каб кіраўнікі дзяржаў на такім высокім узроўні збіраліся, каб абмеркаваць беларускія праблемы. Таму ўсёж-такі, давайце не будзем забываць пра ўнікальнасць гэтага мерапрыемства. Што да ўдзелу ў ім прадстаўнікоў рэжыму, то першапачаткова меркавалася што яны будуць запрошаныя, таксама як будзе запрошаная Расейская Федэрацыя. І сапраўды, пагаджуся, што іх удзел мог бы дадаць да працэсу урэгулявання самаго крызісу, калі б яны пагадзіліся на гэта”.
Але з самага пачатку было відавочна, што прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі й Масквы не пагодзяцца на ўдзел у Венскай канфэрэнцыі, «бо яны проста баяцца паказацца голымі перад усім светам», зазначыў Кавалеўскі.
Беларускае Радыё Рацыя