У Венесуэле адбыўся замах на Мадуру



На кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуру здзейснілі замах у час яго выступу перад гвардзейцамі ў час параду ў Каракасе.

Міністр сувязі і нфармацыі Венесуэлы Хорхэ Радрыгес заявіў, што прэзідэнт не пацярпеў і ўжо вярнуўся да працы, паведамляе Telesur.

Прамову Мадуры ў час параду ў гонар святкавання 81-ых угодкаў стварэння Нацыянальнай баліварыянскай гвардыі ў прамым этэры трансляваў дзяржаўны тэлеканал. У час прамовы кіраўнік Венесуэлы замоўк і паглядзеў угару, пасля чаго ваенныя пачалі разбягацца. У трансляцыі прапаў гук, а пасля яна перапынілася. Мадуру эвакуявалі ў бяспечнае месца. Радрыгес заявіў, што ў час параду выбухнула некалькі дронаў і назваў гэта спробай замаху на прэзідэнта краіны.

У выніку выбуху пацярпелі не менш сямі ваенных, іх стан невядомы. Міністр назваў спробу замаху няўдалай і паведаміў, што Мадура ўжо вярнуўся на працу і бліжэйшым часам звернецца да грамадзянаў з выступам наконт інцыдэнта. Радрыгес мяркуе, што арганізатарам замаху можа быць правая апазіцыя, якая „прайграла выбары і цяпер зноў пацярпела няўдачу”.

Мадура кіруе краінай з красавіка 2013 года. За гэты час краіна істотна збяднела, яе эканоміка ў заняпадзе. У 2017 годзе ў Венесуэле прайшлі дзясяткі антыўрадавых масавых акцый пратэсту, у час якіх загінула больш 100 чалавек.

Апазіцыя заяўляе, што ўрад Мадуры сфальшаваў вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя