У Вільні адзначылі Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі (абноўлена)



Міжнародны дзень з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначылі на Ратушнай плошчы у Вільні.

Андрэй Палуда з Праваабарончага цэнтру “Вясна” расказаў, што на акцыі прысутнічаў дэпутат літоўскага Сейма, які з’яўляецца апекуном палітычнага вязня Мікалая Дзядка.

Таксама праваабаронца адзначыў вялікую цікавасць мінакоў да праблемы палітычных вязняў у Беларусі:

 – Людзі вельмі ахвотна бралі інфармацыю, вельмі шмат паштовак падпісалі, якія будуць накіраваныя палітзняволеным. І гэта з’яўляецца вельмі важным індыкатарам таго, што салідарнасць мацней за рэпрэсіі.

Акцыя скончылася шэсцем, падчас якога ўдзельнікі з партрэтамі палітвязняў і плакатамі, якія заклікаюць да іх неадкладнага вызвалення, прайшлі да Беларускага дома правоў чалавека імя Звозскава. На сёння ў Беларусі налічваецца як мінімум 6 палітвязняў. З 1996 года – адзначылі на акцыі праваабаронцы – наяўнасць палітычных вязняў у Беларусі стала пастаяннай з’явай.

На Ратушным пляцы ўсе ахвотныя маглі падпісаць паштоўкі беларускім палітвязням, сфатаграфавацца з плакатамі на знак салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю, даведацца пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

6455393_n

У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі літоўскай палітычнай супольнасці і беларускай дыяспары ў Літве, сярод удзельнікаў з Беларусі – актывісты “ЕўраБеларусі”, “Цэнтру прававой трансфармацыі”, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Беларускага Хельсінкскага Камітэту.

Менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе ў Менску быў арыштаваны вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. На сёння ў Беларусі –  шэсць палітычных вязняў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя