У Вільні пачынаецца саміт NATO



Для Літвы гэта першае міжнароднае мерапрыемства такога ўзроўню, у якім возьмуць удзел лідары, кіраўнікі дыпламатыі, міністры абароны і іншыя высокапастаўленыя асобы з больш чым 40 замежных дзяржаў.

У Вільню прыбываюць больш за тры тысячы чальцоў замежных дэлегацый, каля дзвюх тысяч прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і міжнародных медыя. На парадку дня лідараў Альянсу — увага да пытанняў калектыўнай абароны NATO, узмацнення стрымлівання і падтрымкі Украіны, піша партал Delfi.

На Віленскім саміце Украіна спадзяецца атрымаць выразны сігнал адносна перспектывы яе сяброўства ў NATO. Аднак лідары заходніх краін і Альянсу адзначаюць, што, у сувязі з расійскай вайной ва Украіне, пытанне аб яе сяброўстве не можа абмяркоўвацца.

Кіраўнікі краін NATO таксама маюць намер дамовіцца аб неабходнасці надаваць больш увагі ўсходняму флангу Альянсу і ўмацоўваць перадавыя сілы NATO, супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону.