У Віцебску амаль няма інфармацыі пра выбары па-беларуску



Старшыня Віцебскай абласной Рады партыі БНФ Канстанцін Смолікаў  падаў скаргу ў абласную выбарчую камісію пра адсутнасць беларускамоўнай інфармацыі  пра выбары на афіцыйных  сайтах. 

Навінаў пра выбарчую кампанію па-беларуску няма ні на сайце аблвыканкаму, ні на сайце гарвыканкаму, ні на сайтах раённых адміністрацый, кажа Канстанцін Смолікаў:

– Гэтая старонка адразу пераскоквае ці на старыя навіны, якія зусім не тычацца выбараў, ці ўвогуле выдае памылку, што такіх старонак не існуе на беларускай мове. Такім чынам, ніякай інфармацыі па-беларуску датычна выбараў няма.

Падчас маніторынгу афіцыйных сайтаў Віцебшчыны, Канстанцін Смолікаў засведчыў яшчэ адно парушэнне: з 23-х сайтаў раённых адміністрацый вобласці бальшыня ўвогуле не мае беларускамоўнай версіі. Не мае яе і сайт Наваполацкага гарвыканкаму, гаворыць актывіст:

– Гэта парушэнне беларускага заканадаўства. Выканкамы парушаюць не толькі Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, але і пастанову Савета  Міністраў ад 23 кастрычніка 2017 году, якая патрабуе ад усіх дзяржаўных органаў, каб сайты ўтрымлівалі інфармацыю на беларускай мове.  

Што да візуальнай  інфармацыі пра сёлетнюю выбарчую кампанію, то ў Віцебску практычна ўсе ўстановы і прадпрыемствы размясцілі абвесткі пра дзень выбараў. Пераважная колькасць з іх – таксама расейскамоўныя.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя