У Віцебску прайшла сустрэча з лідарамі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу
Перад віцяблянамі выступілі кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад БНК Мікалай Статкевіч і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель. Размова пачалася з агляду агульнай сітуацыі ў краіне. Дакладней, з таго, што гэтая сітуацыя вымагае неабходных пераменаў ва ўсіх галінах жыцця – ад палітыкі ды эканомікі ды культуры.
На думку Мікалая Статкевіча, які збіраецца ўзяць удзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах, у беларусаў абавязкова атрымаецца дамагчыся гэтых пераменаў:
– Мы ехалі і глядзелі: якая ў нас прыгожая краіна. Людзі, паглядзіце, якія – прыгожыя, разумныя… Але чамусьці мы зараз самыя несвабодныя ў Еўропе, ды яшчэ самыя бедныя. Але гэтая праблема мае імя аднаго чалавека. Раней яна мела імя большасці грамадства, але зараз народ перарос дыктатуру! Калі ў беларусаў з’явіцца надзея, мы не пазнаем ні сябе, ні свой народ. Усё будзе цудоўна!
Сустрэч з вядомымі беларускімі палітыкамі ў Віцебску не было ўжо некалькі гадоў. Паразмаўляць з Мікалаем Статкевічам і Яўгенам Афнагелем сабралася больш за 80 чалавек. Паводле наведнікаў сустрэчы, змаганне за перамены немагчымае без таго, каб усе апазіцыйныя сілы аб’ядналіся.
– Калі чалавек пачынае сваю прамову з таго, што толькі тая суполка, якая ўвайшла ў БНК, – дэмакратычная, а ўсе астатнія партыі – гэта так сабе, то я разумею: ніякага яднання не будзе. А павінна быць павага, павінна быць плячо! – Калі мы будзем усе паасобку, то нічога ў нас не атрымаецца. А калі будзе аб’яднанне ўсёй апазіцыі, то нешта, можа, і атрымаецца.
Сустрэча атрымалася вельмі эмацыйнай і працягвалася больш за дзве гадзіны, на якія разлічвалі арганізатары. І пасля завяршэння нехта падыходзіў да гасцей з крытычнымі заўвагамі, нехта жадаў поспеху, а нехта выказваў жаданне пакінуць свае каардынаты, каб далучыцца да будучай прэзідэнцкай кампаніі Мікалая Статкевіча.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск