У Віцебску забаранілі сход на Дзень Волі
Улады Віцебска забаранілі Дзень Волі. Кіраўніцтва абласнога цэнтра не дазваляе сход, бо ў арганізатараў няма дамовы з міліцыяй на абслугоўванне акцыі. А міліцыя не хоча абслугоўваць акцыю, бо яе не дазволілі ўлады. Віцебскія актывісты БНФ планавалі сабрацца сёлета ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў у суботу, 26-га сакавіка. Аднак намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна адмовіла заяўніку Канстанціну Смолікаву.
У заяве на правядзенне ўрачыстага сходу ён напісаў, што актывісты плануюць выкарыстаць сцягі, транспаранты і гукаўзмацняльную апаратуру. «Права на сходы – гэта нашае неад’емнае права, аднак яго чарговы раз абмежавалі нашыя мясцовыя ўлады,» – лічыць Смолікаў і дадае, што ўлады парушаюць закон.
Беларускае Радыё Рацыя