У Віцебскую абласную выбарчую камісію ўключылі праваабаронцу Левінава



У папярэднія гады ў склад Віцебскай абласной камісіі па выбарах уключалі, як правіла, аднаго прадстаўніка якой-небудзь з апазіцыйных партый.

Падчас выбараў у 2015-м годзе ў абласной выбарчай камісіі давялося працаваць старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанціну Смолікаву.

З ягонага досведу, трапіць у склад камісіі – яшчэ не гарантыя таго, што будзе магчымасць нейкім чынам уплываць на яе рашэнні:

– На паседжаннях абласной камісіі разглядаюцца скаргі кандыдатаў і  адказных асобаў, якія датычацца выбарчага працэсу. Але ў камісіі – 13 чалавек, і  адзін чалавек не ў стане пры ўсім сваім жаданні перамагчы большасць. Нечага дамагчыся – гэта немагчыма.

На ўдзел у працы абласной камісіі прэтэндавалі прадстаўнікі Партыі БНФ і Партыі левых “Справядлівы свет”, але  іхныя высілкі аказаліся марнымі.

Уключэнне ў склад камісіі праваабаронцы Паўла Левінава, якога ў горадзе, у тым ліку ў колах улады, ведаюць як сапраўднага барацьбіта з парушэннямі заканадаўства, стала вялікай неспадзяванкай  нават для ягоных аднадумцаў. Канстанцін Смолікаў мае наступную версію:

– Напэўна, палічылі, што не ўключыць ніводнага прадстаўніка ад апазіцыйных партый ці праваабарончай супольнасці – гэта не будзе адпавядаць духу часу. І падумалі, што Павел Левінаў будзе найменшай пагрозай у выпадку магчымых фальсіфікацый. Я спадзяюся, што  яны памыліліся.

У склад 14-ці акруговых камісій таксама прэтэндавалі трапіць прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, але гэта ўдалося далёка не ўсім. Найбольшы “адсеў” пацярпелі мясцовае  прадстаўніцтва руху За Свабоду ( з 14-ці вылучэнцаў у акруговыя камісіі трапілі толькі двое)  і Партыі левых “Справядлівы свет”( у акруговыя камісіі трапілі двое партыйцаў з 12-ці прэтэндэнтаў).

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск