У вучэннях „Захад-2021” будуць удзельнічаць каля 2,5 тыс. расейскіх вайскоўцаў



У частцы стратэгічных вучэнняў „Захад-2021”, якая пройдзе на тэрыторыі Беларусі, будуць удзельнічаць каля 12.800 чалавек, у тым ліку каля 2.500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх вайскоўцаў са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. Пра гэта на брыфінгу для замежных ваенных аташэ 5 жніўня ў Менску заявіў першы намеснік міністра абароны — начальнік Генштаба Узброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч.

Таксама будзе задзейнічана да 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі (у тым ліку каля 140 танкаў), каля 110 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 30 самалётаў і верталётаў.

У частцы вучэнняў на тэрыторыі Расеі будуць удзельнічаць амаль 400 беларускіх вайскоўцаў і 30 адзінак баявой тэхнікі.

Аб вучэннях краіны АБСЕ былі афіцыйна апавешчаныя яшчэ ў 2020 годзе, аб колькасці ўдзельнікаў і ўзбраенні ў адпаведнасці з Венскім дакументам 2011 года — 30 ліпеня 2021 года.

Начальнік Генштаба нагадаў, што манеўры запланаваныя на 10—16 верасня. На тэрыторыі Беларусі яны пройдуць на чатырох палігонах — 230-м агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі, 174-м навучальным палігоне ВПС і войскаў СПА Даманаўскі, 210-м авіяцыйным палігоне Ружанскі і Брэсцкім палігоне. На тэрыторыі Расіі будуць выкарыстаныя дзевяць палігонаў — Кірылаўскі, Стругі Чырвоныя, Муліна, Пагонава, Хмелеўка, Праўдзінскі, Дабравольскі, Дарагабуж і Вольскі.

„Сумесныя стратэгічныя вучэнні „Захад-2021″ носяць абарончы характар, і іх правядзенне не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці, — сказаў Гулевіч. — Яны дазволяць на практыцы ўдасканальваць механізм сумеснага выкарыстання абароннай інфраструктуры і праверыць гатоўнасць і здольнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў выканаць задачы па прызначэнні”.

Да 30 верасня асабовы склад, узбраенне і тэхніка беларускіх войскаў вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, а расейскія воінскія часці і падраздзяленні пакінуць тэрыторыю Беларусі.

belapan.by