У Вялікабрытаніі прадухілены замах на Тэрэзу Мэй
Службы бяспекі Вялікабрытаніі затрымалі двух мужчын, якія планавалі здзейсніць замах на прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Тэрэзу Мэй.
Пра гэта 6 снежня паведаміла газета The Independent са спасылкай на кіраўніка службы контрразведкі MI-5 Эндру Паркера.
Па інфармацыі выдання, ён распавёў пра прадухіленне нападу ў дакладзе кабінету міністраў 4 снежня.
Двое мужчын былі затрыманыя падчас антытэрарыстычных рэйдаў у Лондане і Бірмінгеме на мінулым тыдні. Падазраваныя планавалі размясціць выбуховыя прылады каля ўваходу ў канцылярыю кіраўніка брытанскага ўрада на Даўнінг-стрыт, а затым атакаваць Мэй з выкарыстаннем нажоў.
Затрыманым прад’яўленыя абвінавачванні ў тэрарызме, яны паўстануць перад судом 6 снежня.
Кіраўнік MI-5 таксама паведаміў міністрам, што за мінулы год спецслужбе ўдалося прадухіліць дзевяць тэрарыстычных нападаў.
Фота PA