У Вярхоўным судзе працягваецца разгляд справы Віктара Бабарыкі
18 лютага Вярхоўны суд Беларусі працягвае разглядаць справу Віктара Бабарыкі і іншых менеджараў “Белгазпрамбанку”. Працэс ідзе ў будынку суду Маскоўскага раёну Менску.
Прадстаўнікоў незалежных СМІ на працэс не пусцілі, як гэта было і ў першы дзень суда, 17 лютага. Сёння ў судзе зачытваюць абвінавачанне, якое займае 340 старонак. Перад пачаткам пасяджэння адвакат Дзмітрый Лаеўскі падзяліўся чаканнямі ад працэсу:
– Чакаем захавання права, павагі да законных інтарэсаў абвінавачанага і нашага падабароннага Віктара Дзмітрыевіча Бабарыкі.
Паводле абвінавачання, Віктар Бабарыка, былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка”, з 2008 па 2020 гады кіраваў арганізаванай злачыннай групай, згадваецца яго сын – Эдуард. Прыгадаем, што Віктар Бабарыка мінулай вясной пакінуў пасаду кіраўніка банка, бо пастанавіў удзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Ён лічыўся асноўным канкурэнтам Лукашэнкі, але ў выніку быў затрыманы і з 18 чэрвеня знаходзіцца за кратамі. Суд адхіліў хадайніцтва па змене меры стрымання для яго.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Тут.бай