У Вярхоўным судзе разгледзелі скаргу актывістаў аб’яднання „За справядлівыя выбары”



У Вярхоўным судзе разгледзелі скаргу актывістаў на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць аб’яднанне „За справядлівыя выбары”.

Гэта была ўжо трэццяя спроба грамадзянаў стварыць арганізацыю, якая б займалася маніторынгам за правядзеннем справядлівых выбараў, падрыхтоўкай назіральнікаў за выбарчым працэсам.

Паведаміў сустаршыня ствараемага грамадскага аб’яднання Сяргей Калякін.

– Прэтэнзіі, якія былі да нас выказаныя, носяць тэхнічны характар. І, згодна Міжнароднага права і нашага заканадаўства, не могуць быць падставай для адмовы нам у рэгістрацыі. Але было прынята палітычнае рашэнне пра тое, што не трэба рэгістраваць грамадскае аб’яднанне, якое будзе мабілізаваць людзей для назірання за выбарамі.

Нядаўна стваральнікі аб’яднання атрымалі адказ з Рады ААН па правах чалавека на свае паведамленне ў сувязі з другой адмовай у рэгістрацыі.

У адказе паведамляецца, што Рэспубліка Беларусь парушыла правы грамадзян, калі не зарэгістравала арганізацыю яшчэ ў 2011 годзе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя