Каманда Бабарыкі ўжо падала ў выбаркамы 168 тысяч подпісаў



За вылучэнне былога старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты сабрана 368 тысяч подпісаў выбаршчыкаў, паведамляе сайт экс-банкіра.

Адзначаецца, што праверана 339 тысяч подпісаў, з іх 168 тысяч ужо афіцыйна пададзена ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

У тэлеграм-канале Бабарыкі 17 чэрвеня апублікавана паведамленне аб тым, што апошнія падпісныя лісты будуць прынятыя ў зборшчыкаў 18 чэрвеня — за дзень да крайняга тэрміну падачы подпісаў у выбаркамы. „Заўтра мы хочам падаць 380.000 вывераных подпісаў у выбарчыя камісіі — гэта будзе абсалютны рэкорд па колькасці сабраных подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі! Таму сёння не спыняйцеся: збірайце, здавайце, прывозьце подпісы. Ні адзін подпіс не павінен прапасці!” — гаворыцца ў паведамленні.

Раней аб пераадоленні мінімальнага парога ў 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты, заявілі экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, былы чыноўнік і дыпламат Валерый Цапкала, жонка аўтара youtube-канала „Краіна для жыцця” блогера Сяргея Ціханоўскага Святлана Ціханоўская, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Аляксандр Лукашэнка 12 чэрвеня падчас рабочай паездкі па Віцебскай вобласці заявіў, што за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабрана 1,5 млн подпісаў выбаршчыкаў.

Перыяд збору подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня ўключна. Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by

Фота babriko.by