У „Заслаўі” дамовіліся пра вызваленне закладнікаў на Данбасе



Падчас сустрэчы кантактнай групы па Украіне, якая прайшла 31 ліпеня ў Беларусі, дасягнута дамоўленасць пра вызваленне значнай колькасці закладнікаў на Данбасе. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы АБСЕ.

Вызваленне закладнікаў ды іншых незаконна затрыманых людзей з’яўляецца важным элементам для забеспячэння ўзгодненага бакамі і стабільнага перамір’я.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што перамовы, ці больш карэктна сустрэча, праходзіць на фоне няспынных баёў на Усходзе Украіны. Таксама ён звяртае ўвагу і на ўзровень сустрэчы:

– Удзельнічае ў гэтай сустрэчы АБСЕ, амбасада расейская з Кіева і Кучма, я так разумею давераная асоба Кіева. Кучма, які ўзначальвае сёння грамадскі фонд, АБСЕ прадстаўляе не асоба, якая заяўлена, а прадстаўляе прадстаўнік прадстаўніка. Як кажа Портнікаў, Беларусь апынулася адзінай пляцоўкай, дзе могуць з’явіцца тэрарысты на так званых перамовах. Мне падаецца, што вікторыя ўкраінскай улады набліжаецца, бо Луганск і Данецк вернуць пад кантроль цэнтральнай улады.

У сустрэчы, якая прайшла ў дзяржаўнай рэзідэнцыі „Заслаўе” бралі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, амбасадар Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР).

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя