У Жэневе праходзяць праваабарончыя мерапрыемствы



Асноўная тэматыка – крызіс з правамі чалавека ў Беларусі. У Жэневе праходзяць шэраг мерапрыемстваў на праваабарончую тэматыку, свой голас там маюць і беларусы. Традыцыйна вясной у Швейцарыі адбываецца сесія Рады па правах чалавека ААН.

Прадстаўніцтва вельмі шырокае – прыехалі прадстаўнікі з розных краін свету. А Беларусь між іншым прадстаўляе старшыня праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі.

– Гэта традыцыйнае мерапрыемства, але для нас яно зараз вельмі важнае, бо адным з галоўных пытанняў, якое абмяркоўваецца падчас гэтай сесіі, грамадска-палітычны крызіс у Беларусі, які пацягнуў за сабой нябачаную дагэтуль у нашай краіне катастрофу, можна так сказаць, з правамі чалавека. Тыя сустрэчы, якія адбыліся напрыканцы мінулага тыдня, якія будуць яшчэ сёння і заўтра, яны ў асноўным прысвечаны гэтай тэматыцы.

Ужо прайшоў шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі амбасадаў розных краінаў, якім цікава ведаць пра сітуацыю ў Беларусі з першых вуснаў, паведаміў у нашым эфіры Алесь Бяляцкі.

Напярэдадні, у Жэневу прыехала таксама Святлана Ціханоўская. У цэнтры горада прадстаўнікі беларуская дыяспары, не толькі са Швейцарыі, але і суседніх краін – зладзілі мітынг пад сценамі будынку, дзе праходзяць пасяджэнні рады ААН па правах чалавека. На мітынгу выступалі Святлана Ціханоўская і Алесь Бяляцкі.

Беларускае Радыё Рацыя