У ЗША ідзе асноўнае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах
Паводле даных CNN больш ста мільёнаў чалавек прагаласавала на выбарах датэрмінова. У шасці штатах – Тэхасе, Невадзе, Вашынгтане, Арызоне, Мантане і Гаваях – колькасць паданых датэрмінова бюлетэней перавысіла яўку 2016 года. На папярэдніх выбарах, калі прэзідэнтам стаў рэспубліканец Дональд Трамп, агульная яўка склала амаль 139 мільёнаў чалавек.
Важнейшыя штаты, якія „вагаліся” перад галасаваннем, – Пенсільванія, Флорыда, Арызона, Паўночная Караліна, Вісконсін, Мічыган. Менавіта яны павінны вырашыць зыход выбараў.
***
А 6-й раніцы мясцовага часу (14-я гадзіна беларускага) на ўсходнім узбярэжжы ЗША адкрыліся ўчасткі для галасавання, якое павінна вызначыць зыход прэзідэнцкай гонкі двух прэтэндэнтаў на Белы дом – цяперашняга прэзідэнта-рэспубліканца Дональда Трампа і дэмакрата Джо Байдэна.
Выняткам ёсць тры невялікія грамады Нью-Гэмпшыра, дзе па традыцыі галасаванне пачалося яшчэ апоўначы.
Пры гэтым амаль 100 мільёнаў амерыканцаў ужо прагаласавала праз пошту і на датэрмінова адчыненых участках у шэрагу штатаў. Гэта амаль 40% усіх грамадзян, якія маюць права голасу, і складае больш 72% усіх галасоў, аддадзеных на выбарах 2016 года.
Абодвум кандыдатам за 70 гадоў. Трампу, калі ён выйграе выбары, на пачатак другога тэрміну будзе 74 гады, а ў разе перамогі ў свае 78 гадоў Байдэн стане сама старым прэзідэнтам (на першым тэрміне) у гісторыі ЗША.
Вырашальнымі для кандыдатаў у прэзідэнты становяццагаласы не выбарцаў, а калегіі выбарцаў. Кожны штат прадстаўляе пэўную колькасць галасоў у калегіі выбарцаў у залежнасці ад яго насельніцтва. Усяго ў калегіі 538 месцаў, таму пераможцам становіцца кандыдат, які набярэ 270 ці больш галасоў выбарцаў.
Беларускае Радыё Рацыя