У ЗША заклікаюць узмацніць санкцыі супраць афіцыйнага Менска
У ЗША заклікаюць узмацніць санкцыі супраць афіцыйнага Менска. Адпаведную рэзалюцыю 25 лютага аднагалосна прыняў камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў.
Дакумент носіць рэкамендацыйны характар для выканаўчай улады. Неабходнасць узмацнення санкцый кангрэсменамі тлумачыцца парушэннямі правоў чалавека, якія дапусцілі ўлады Беларусі. Заяўляецца пра „фальсіфікацыю вынікаў выбараў 9 жніўня 2020 года”.
Камітэт заклікае разгледзець пытанне пра ўвядзенне санкцый у адносінах беларускіх дзяржаўных кампаній, якія „парушалі правы сваіх работнікаў у сувязі з іх удзелам у дэмакратычным руху ў Беларусі, які працягвае дзейнічаць”. У рэзалюцыі змешчаны заклік да „трансатлантычнай супольнасці” перагледзець фінансавую дапамогу ўладам Беларусі.
Нагадаем, што нядаўна ЗША ўвялі санкцыі супраць 43 грамадзян Беларусі як адказ на рэпрэсіі.
Беларускае Радыё Рацыя