Участковыя камісіі Гародні – без прадстаўнікоў дэмакратычных партый і рухаў
Аніводнага прадстаўніка дэмакратычных партый і рухаў не ўключылі ва ўчастковыя камісіі Гародні. Агулам у двух раёнах горада будуць працаваць 137 участковых камісій. У іх склад увайшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, праўладных грамадскіх арганізацый, такіх як Белая Русь, БРСМ, Саюзы жанчын і ветэранаў.
Назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель заўважае, што камісіі зацвярджалі пераважна спісачным саставам:
– Называлі прозвішча, спосаб вылучэння. Месца працы не называлі. Называлі прозвішча і спосаб вылучэння толькі тых персаналіяў, якіх колькасць была большая, чым месцаў у камісіях. Гэта няправільна, таму што трэба было абмяркоўваць усе кандыдатуры.
Як заўважылі незалежныя назіральнікі Віктар Сазонаў і Раман Юргель, у Гародні была вельмі малая колькасць заяўнікаў ад дэмакратычных партый. Іх усяго восем асоб. На жаль, акруговыя камісіі не палічылі патрэбным іх уключыць у склад участковых камісій, – кажа Раман Юргель:
– Не ўвашоў ніводзін вылучэнец ад Партыі БНФ, ад партыі АГП і некалькі актывістаў, якія вылучаліся зборам подпісаў, таксама не ўвайшлі. Вылучаліся адзінкі ад дэмакратычных апазіцыйных партый у склад участковых камісій, але ўсё роўна іх не ўключылі. Хоць у іх быў парадак у пададзеных дакументах.
Назіральнікі не заўважылі новых людзей у камісіях. Старыя кадры папярэдніх выбарчых кампаній засталіся на 95%. На працягу найбліжэйшых дзён участковыя камісіі павінны правесці свае першыя пасяджэнні.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя