Участковыя выбарчыя камісіі ў Гарадзенскай вобласці сфармаваныя з парушэннямі заканадаўства



Участковыя выбарчыя камісіі ў Гарадзенскай вобласці былі сфармаваныя з парушэннямі заканадаўства – сцвярджаюць назіральнікі. З сямнаццаці раёнаў толькі пяць забяспечылі магчымасці назірання праз онлайн- трансляцыі.

Скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію адсылаў прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель:

– Пры фармаванні на паседжаннях райвыканкамаў вобласці ўчастковых выбарчых камісіяў не ўсюды райвыканкамы выставілі гэтыя прамыя эфіры, онлайн-запісы. І па 12 райвыканкамах можна лічыць, што прайшло гэта ўсё ў закрытым рэжыме і негалосна.

Адказу ў такой пільнай, у каляндарным плане, справе давялося чакаць неймаверна доўга. Бо, як высветлілася, адказы даюцца праз два тыдні. Сітуацыю ўлады выправілі, але пры наступным звароце – у іншую ўстанову.

Кажа Раман Юргель:

– Таму мне прыйшлося па электроннай пошце звярнуцца ў Генеральную пракуратуру з электронным зваротам, што парушаны нормы адказу на маю заяву па парушэнні Выбарчага кодэкса. Тады адказ хутка і дайшоў, а так бы прыйшоў напрыканцы месяца.

Адказ з аблвыканкама здзівіў назіральніка. Аказалася, што фармаванне ўчастковых камісіяў прайшло законна.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя