Удзельнікі мітынгу на плошчы Свабоды выступілі ў абарону незалежнасці Беларусі
Удзельнікі праведзенага 6 кастрычніка на плошчы Свабоды ў Менску мітынгу выступілі ў абарону незалежнасці Беларусі.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прыблізна 60 чалавек, у тым ліку актывісты ініцыятывы „Матчын рух 328”, незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт”, кампаніі „Еўрапейская Беларусь”, руху салідарнасці „Разам”, аргкамітэта партыі „Народная Грамада”.
Выступаючы на мітынгу, лідар аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Мікалай Статкевіч рэзка раскрытыкаваў дзеянні Аляксандра Лукашэнкі па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй. „Якое ён мае права прадаваць нашу зямлю! Зараз, каб застацца ва ўладзе, ён гандлюе краінай, робіць усё магчымае, каб мы былі таварам, і не дае нам стаць нацыяй”, — заявіў палітык. Ён паведаміў, што мітынг у Мінску стаў завяршальным у шэрагу аналагічных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рэгіёнах таксама ў межах перадвыбарных пікетаў.
Актывіст „Маладога фронту” Іларыён Трусаў заявіў пра неабходнасць праводзіць акцыі ў падтрымку незалежнасці. Ён лічыць, што „трэба мабілізаваць грамадства за той час, пакуль Беларусь яшчэ не страціла сваю незалежнасць”. Трусаў таксама заявіў пра гатоўнасць актывістаў арганізацыі „абараняць краіну да апошняга”.
Мітынг быў арганізаваны ў межах пікетаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты на парламенцкіх выбарах ад аргкамітэта „Народнай Грамады” і грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь”, што праходзяць на плошчы Свабоды.
У знак пратэсту „супраць несумленных выбараў” члены ініцыятыўных груп па зборы подпісаў спалілі свае пасведчанні.
Падчас мітынгу праводзіўся збор подпісаў за вылучэння Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты ад незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса, сустаршынёй якога з`яўляецца палітык.
Мітынг доўжыўся прыкладна гадзіну. Якіх-небудзь інцыдэнтаў з удзелам прадстаўнікоў праваахоўных органаў не здарылася. За мітынгоўцамі назіралі вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, некаторыя з іх здымалі на відэа.
facebook.com/alena.talstaya