Удзельнікі пікета ў падтрымку Лукашэнкі падпісваліся і за Бабарыку і Цапкалу



Першы публічны пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі прайшоў у Менску, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру „Дана Мол” на праспекце Незалежнасці. Яго ўдзельнікаў прывезлі на аўтобусах. Хутка былі разгорнуты некалькі палатак і сталоў для збору подпісаў і сцягі праўладных арганізацыяў БРСМ і „Белая Русь”.

Побач збіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў Віктара Бабарыку і Валеру Цапкалу. Іх пікеты таксама працягнулі сваю працу. І некаторыя з прывезеных галасаваць за Лукашэнку не хавалі, што будуць падпісвацца і за альтэрнатыўных, а не толькі за цяперашняга кіраўніка дзяржавы.

– Дадзім шанец, няхай паспрабуе свае магчымасці.

РР: Але гэта ўжо шосты шанец.

– Ну калі ласка, чаму не. Усім дадзім магчымасць.

РР: То-бок, вы падпішыцеся не толькі за Аляксандра Лукашэнку?

– Не толькі, канешне. Мне яшчэ некалькі кандыдатаў падабаюцца.

РР: Як вам перадвыбарчая атмафера ў Беларусі?

– Напружаная.

Але мы чакаем, каб выбары прайшлі больш менш спакойна, — сказаў жыхар Менску Фёдар Падгайскі.

Іншы суразмоўца не пажадаў назваць свайго прозвішца, але таксама заявіў, што падпішацца і за іншых кандыдатаў, а не толькі за Аляксандра Лукашэнку.

– За ўсіх кандыдатаў.

РР: Як вы ацэньваеце сітуацыю ў краіне?

– Нармальная сітуацыя. Стабільная. Работа ёсць, жыллё ёсць, усё ёсць.

Чым гэта дрэнна, усё добра, — кажа адзін з ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

Беларускае Радыё Рацыя