„Удзельнікі здымак і прымушэння Пратасевіча да інтэрв’ю павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”



Паказанае беларускім дзяржтэлеканалам інтэрв’ю Рамана Пратасевіча было зробленае „відавочна пад ціскам і ў зняволенні”, заявіў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб.

„Трывожнае інтэрв’ю спадара Пратасевіча ўчора ўвечары было відавочна пад ціскам і ў зняволенні, — напісаў ён у „Твітэры”. — Пераслед тых, хто абараняе правы чалавека і свабоду СМІ ў Беларусі, павінен спыніцца. Тыя, хто ўдзельнічаў у здымках, прымусе і кіраванні інтэрв’ю, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”.

Увечары 3 чэрвеня ў праграме „Маркаў. Нічога асабістага” на ОНТ выйшла інтэрв’ю з затрыманым 23 мая Раманам Пратасевічам — актывістам і рэдактарам тэлеграм-каналаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі.

У інтэрв’ю ён прызнаў сваю віну паводле артыкула 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама расказаў пра чат, у якім абмяркоўваўся план акцый пратэсту, і назваў прозвішчы ўдзельнікаў чата. Ён расказаў пра канфлікты паміж апазіцыйнымі штабамі, пра ўмовы жыцця, кватэры і дамы, у якіх жывуць дэмакратычныя лідары, а таксама абцякальна — пра фінансаванне іх дзейнасці і ўцягнутасць у гэта еўрапейскіх дзяржаў.

Бацька Пратасевіча ўпэўнены, што яго сына прымусілі даць такое інтэрв’ю. Ён лічыць, што на Рамана рабілі ціск, і не выключае выкарыстання псіхатропаў. Паводле слоў бацькі, па твары сына відаць, што на працягу інтэрв’ю ў яго ішла ўнутраная барацьба паміж тым, што ён хоча сказаць і што мусіць.

„Наш сын у следчым ізалятары КДБ. Там знаходзяцца людзі пад вялікім ціскам. На іх робяць і фізічны, і псіхалагічны націск. Усе, хто знаходзяцца там, чамусьці вельмі хутка даюць прызнанні. Ведаючы нашага сына, мы можам сказаць, што ўсё, што кажа Раман, ён кажа не сам”, — заявіў Дзмітрый Пратасевіч у інтэрв’ю тэлеканалу „Дождь”.

„Няўжо вы думаеце, што Раман, знаходзячыся ў цвярозым розуме і памяці, на 180 градусаў можа змяніць пазіцыю, якую ён займаў месяц таму, два месяцы таму? Рэжысёры добра працуюць, добра паказваюць, але верыць у гэты фільм нельга”, — падкрэсліў бацька блогера.

Ён звярнуў увагу на тое, што на запясцях сына бачныя гематомы ад доўгага нашэння кайданкоў, а таксама адзначыў, што да Рамана не пускаюць адваката і лекараў.

3 мая самалёт Ryanair рэйса Афіны — Вільнюс вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі, для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвязу. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 мая было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

БелаПАН