Угодкі перапахавання Кастуся Каліноўскага – не проста гісторыя
22 лістапада 2019 году. Пятніца, працоўны дзень, не турыстычны сезон, пустая Вільня, цэнтр якой запоўнены сотнямі бел-чырвона-белых сцягоў. Гэта перазахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў.
Для літоўцаў – проста персанажы з падручніку па гісторыі. Зрэшты, як і для мясцовых палякаў. Для беларусаў – героі-сімвалы працягу барацьбы за незалежнасць ад Расеі.
Я абсалютна перакананы, што на агульна палітычным узроўні для літоўцаў больш важна мець дэмакратыю і быць часткай аб’яднанай Еўропы, чым ставаць у позу адносна беларускай нацыянальна-дэмакратычнай супольнасці.
Калісьці ў 1990-х у Беларусі была ў пэўных колах такая думка, што дэмакратычная Беларусь можа існаваць без нацыянальнага складніку. Больш за тое, перад тым, у познім, перабудовачным, СССР была нават ілюзія, што Савецкі Саюз можа быць дэмакратычным. Гэта як бы Дэмакратычная Савецкая Імперыя. Такое сабе з сённяшняга гледзішча антыутапічнае фэнтэзі.
Не – усе нацыянальна вызвольныя ад імперыі рухі, прынамсі, у еўрапейскай частцы СССР, былі з дадаткам «дэмакратычныя».
Ні палітычна, ні геаграфічна не прэтэндуючы на Вільню, беларусы ўважаюць гэты горад за калыску Беларускай нацыянальнай ідэі. Шмат хто параўноўвае Беларушчыну з рэлігіяй, а Кастуся Каліноўскага – з адным з прарокаў Беларушчыны.
Магчыма, камусьці такая аналогія падасца перабольшаннем. Тады можна патлумачыць больш прыземлена, чаму менавіта беларусы фактычна былі большасцю на перапахаванні Каліноўскага і яго паплечнікаў.
Паўстанне Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі не скончанае.
Яшчэ гадоў сем-восем таму адэпты «рускага міру» у Беларусі пачалі называць Кастуся Каліноўскага «беларускім Бандэрам». Усё таму што Каліноўскі быў супраць Расейскай імперыі.
З боку прарасейскіх сілаў падобныя закіды выглядалі маргінальна, бо ўнікальнасць постаці Каліноўскага ў тым, што ягоны вобраз аб’яднаў без вынятку ўсіх беларусаў.
Камуністаў, таму што Каліноўскі быў супраць царызму, а беларуска арыентаваных людзей таму што Каліноўскі быў супраць Расейскай імперыі. Здаецца, сэнсава блізка, але не тое самае.
На сімвалічным узроўні адшуканне археолагамі (насамрэч месца таемнага пахавання было вядомае віленчукам заўжды) і перапахаванне з гонарам паўстанцаў сталася пачаткам новага вітку адраджэння Беларусі. На гэты раз на агульна нацыянальным узроўні ў 2020 годзе.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя