Украіна адгароджваецца ад Расеі



Паўстане сцяна паміж Украінай і Расеяй. На думку стваральнікаў гэтай абарончай сістэмы, яна павінна стрымліваць не толькі дыверсантаў, але і бронетэхніку.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Сцяна на мяжы Украіны і Расеі вельмі нагадвае памежнае ўмацаванне паміж Ізраілем і Заходнім берагам ракі Ярдан. Тут і металічны плот вышынёй два метры, і калючыя дроты, і відэакамеры, і прылады начнога бачання, і цеплавізары. Прадугледжаны нават супрацьтанкавы роў глыбінёю два-тры метры і шырынёю ад чатырох да шасці метраў.

Мяркуецца, што ў разе масіраванага наступу расейскіх войскаў гэтае памежнае ўмацаванне на некаторы час спыніць агрэсію, пакуль да мяжы не падыдуць асноўныя сілы.

Пакуль сцяна ўзведзеная толькі ў Чарнігаўскай і Харкаўскай абласцях. Мяркуецца, што такія ўмацаванні з’явяцца не толькі па ўсёй працягласці ўкраінска-расейскай мяжы, але і на мяжы з анэксаваным Крымам, а таксама з Прыдняпроўскай рэспублікай.

Пра будаўніцтва сцяны паміж Украінай і Беларуссю гаворкі пакуль няма.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя