Украіна адзначае 25-годдзе незалежнасці



У Кіеве распачаліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю незалежнасці. Гэта самае маштабнае святкаванне Дня незалежнасці за ўсю найноўшую гісторыю Украіны.

1440408849_den-nezavisimosti

Больш падрабязна пра нацыянальнае свята нашых суседзяў распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Святкаванне дваццаціпяцігоддзя незалежнасці працягнецца ва ўкраінскай сталіцы ажно да канца жніўня. Распачнуцца гэтыя святкаванні з малітвы за Украіну, якая пройдзе ў храме святой Сафіі, а таксама ў іншых храмах украінскай сталіцы. Пасля гэтага на Храшчаціку і Майдане Незалежнасці пройдзе вайсковы парад, у якім возьмуць удзел ветэраны Антытэрарыстычнай аперацыі, а таксама вайскоўцы, нацыянальныя гвардзейцы і памежнікі. У парадзе будзе задзейнічана каля 200 адзінак бронетанкавай тэхнікі.

На гэтым афіцыёз канчаецца. Кіеўляне і госці ўкраінскай сталіцы могуць абіраць сабе занятак у адпаведнасці са сваімі жаданнямі і фінансавымі магчымасцямі. У Кіеве запланаваныя і выстава кветкаў, і светла-музычнае шоў, і літаратурныя вечарыны, і, вядома ж, ярмарка, без якой Украіна – не Украіна.

У Кіеве прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Святкаванне Дня незалежнасці будуць ахоўваць каля 5000 паліцэйскіх, а таксама нацыянальныя гвардзейцы і супрацоўнікі Службы Бяспекі Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vistanews.ru