Украіна афіцыйна прызнала Расею агрэсарам



У рэгіёне Усходняй Еўропы адбываецца відавочнае абвастрэнне сітуацыі, мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Рашэнне ўкраінскага парламенту і нечаканыя зборы рэзервістаў у Беларусі могуць сведчыць пра павелічэнне напружанасці.

У гэтай сітуацыі Расея можа ўцягнуць Беларусь у больш маштабны канфлікт, не выключае эксперт:

 – Україна – бліжэйшая суседка, і, безумоўна, гэта будзе адбывацца. Аб’яўлена пра хуткую сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным, а ў Пуціна ў галаве можа быць усё, што заўгодна. 

Вярхоўная Рада Украіны сёння прыняла пастанову аб прызнанні Расеі краінай-агрэсарам.

Еўразвяз і ЗША кажуць пра магчымасць павелічэння санкцый супраць Расеі ў сувязі з актывізацыяй баявых дзеянняў на Данбасе.

Украінскае прызнанне Расеі краіны агрэсарам не будзе мець вялікага значэння для міжнароднай супольнасці мяркуе польскі эксперт, сябра польска-украінскага форуму Анджэй Шэптыцкі.

Пастанова Вярхоўнай Рады гэта перадусім унутратае палітычнае рашэнне, якое ўпарадкуе дзіўную палітыку Кіева ў адносінах да канфлікту:

– Яна паказае, што Україна адыходзіць ад палітыкі вырашэння канфлікту ў “белых рукавічках”, ад шызафрэнічнай палітыкі, якая з аднаго боку выступае за цэласнасць Украіны, а з іншага боку праводзіць дыялог з Расеяй па газе.

Пастанова Вярхоўнай Рады заклікае міжнародную супольнасць прызнаць Расею краінай агрэсарам. Падобнае рашэнне можа прыняць і польскі парламент, але яно ніяк не паўплывае на сітуацыю на Усходзе Украіны, кажа Анджэй Шэптыцкі:

 – Прыняцце гэтай пастановы вельмі добрае, але чыста сімвалічнае рашэнне. 

Сёння, ў часе прыняцця пастановы Вярхоўнай Рады Украіны аб прызнанні Расеі краінай агрэсарам, а ДНР і ЛНР тэрарыстычнымі арганізацыямі, ПАРЭ зняла санкцыі з дэлегацыі Расеі на гэтым форуме.

Расея за гэта паабяцала вызваліць захопленую на Данбасе летась ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку.

* * *

Вярхоўная Рада Украіны прызнала Расею краінай-агрэсарам. За адпаведную пастанову прагаласаваў 271 дэпутат украінскага парламента.

У дакуменце дэпутаты заклікаюць міжнародную супольнасць прымяніць усе метады ціску на Расейскую Федэрацыю, каб спыніць падтрымку прарасейскіх баевікоў на ўсходзе Украіны:

– Вярхоўная Рада Украіны прызнае Расейскую Федэрацыю дзяржавай-агрэсарам і заклікае міжнародных партнёраў Украіны не дапусціць беспакаранасці віноўных у злачынствах супраць чалавечнасці здзейсненыя ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны. Прызнаць Расейскую Федэрацыю краінай агрэсарам, што ўсебакова падтрымлівае тэрарызм ды блакуе дзейнасць Рады бяспекі ААН, чым ставіць пад пагрозу міжнародны мір і бяспеку, а так званыя ДНР і ЛНР прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Рашэнне ўкраінскага парламента аб прызнанні Расеі краінай-агрэсарам – можа прывесці да яшчэ большай ізаляцыі Расеі на міжнародным узроўні. Так мяркуе лідар фракцыі „Блок Пятра Парашэнкі” ў Вярхоўнай Радзе Юры Луцэнка.

Палітык прапанаваў таксама пачаць працэс абмежавання ўплыву Расеі на рашэнні міжнародных арганізацый:

– Мае звярнуцца ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый з патрабаваннем пачаць працэдуру змену яе статута, каб выключыць дзяржаву-агрэсара, якой з’яўляецца Расейская Федэрацыя, са сталых членаў Рады бяспекі, якая ўвесь час блакуе міратворчы працэс ва Украіне ды ва ўсім свеце.

Сваё рашэнне дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны базавалі на рэзалюцыі ААН 1974 года. Украінскія парламентары заклікалі таксама іншыя парламенты і міжнародныя арганізацыі – прызнаць Расею – краінай-агрэсарам, а ДНР і ЛНР – тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Дзяржавай-агрэсарам, паводле Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прызнаецца краіна, якая акупуе тэрыторыю іншай дзяржавы, або падтрымлівае бандфарміраванні на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя