Украіна гатова ўвесці візы для расейцаў
З 1-га студзеня Украіна гатова ўвесці візавы рэжым з Расеяй. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны краіны Аляксандр Турчынаў выказаў надзею, што даручэнне ўраду ўвесці візы для расейцаў будзе выканана ў пачатку 2016-га года. Турчынаў перакананы, што ў новым годзе Украіна павінна ўвесці рэальны і досыць жорсткі візавы кантроль, візавы рэжым з Расеяй. Кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны нагадаў, што Міністэрству замежных спраў краіны было даручана ўвесці візавы рэжым з Расеяй яшчэ ў 2014-м годзе.
«Першы этап гэтай задачы ўжо рэалізаваны. На тэрыторыю Украіны грамадзянін Расеі можа патрапіць толькі па замежным пашпарце», — сказаў Турчынаў. Разам з тым ён адзначыў, што ў Расеі цяпер знаходзіцца вялікая колькасць украінцаў і што ў выпадку ўвядзення візавага рэжыму «адразу будуць сінхронныя дзеянні РФ». Менавіта з-за гэтых двух фактараў візавы рэжым з Расеяй да гэтага часу не ўведзены.
Паводле lifenews.ru
Фота misanec.ru