«Украіна гатовая да контрнаступу. Чакаць больш нельга» – Зяленскі
Украіна гатовая да контрнаступу, каб вызваліць тэрыторыю ад расейскіх вайскоўцаў, заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю The Wall Street Journal.
Паводле Зяленскага, украінскае войска атрымала «не ўсё ўзбраенне, на якое спадзявалася, але чакаць больш нельга». Пры гэтым прэзідэнт Украіны папярэдзіў, што «аперацыя можа заняць працяглы час і дорага абысціся».
«Мы цвёрда верым, што нам гэта ўдасца. Ня ведаю, колькі гэта зойме часу. Шчыра кажучы, гэта можа пайсці рознымі шляхамі, зусім рознымі. Але мы збіраемся гэта зрабіць, і мы гатовыя», — заявіў Зяленскі.
Улады Украіны неаднаразова заяўлялі, што вайна з Расеяй можа быць скончаная толькі пасля сыходу расейскіх войскаў з усіх акупаваных тэрыторый і аднаўлення Украіны ў міжнародна прызнаных межах, уключна з Крымам.
Беларускае Радыё Рацыя