Украіна хоча мяняць калабарантаў на расейскіх палітвязняў
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны разам з праектам «Хачу жыць» афіцыйна абвясцілі аб намеры мяняць затрыманых за супрацоўніцтва з Расеяй калабарантаў на расейскіх апазіцыянераў і палітвязняў.
Аб прынцыпе новага механізма абмену распавёў афіцыйны прадстаўнік ГУР Украіны Андрэй Юсаў. Так, па словах Юсава, Украіна будзе спрабаваць вызваліць з расейскіх турмаў выключна тых расейцаў, якія былі асуджаныя пасля пачатку вайны за сваю антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны.
Мяняць расейскіх палітвязняў і актывістаў Украіна збіраецца на затрыманых на яе ўласнай тэрыторыі калабарацыяністаў, якія супрацоўнічалі з Расеяй (прычым гэта могуць быць як людзі з расейскім, так і з украінскім грамадзянствам). Пры гэтым расейскіх ваеннапалонных ва Украіне на расейскіх палітвязняў у Расеі ніхто мяняць не будзе. Украінскія палонныя вайскоўцы застаюцца ў прыярытэце на абмен.
Як сцвярджае ўкраінскі бок, на гэты момант ужо было атрымана некалькі сотняў зваротаў ад сваякоў і блізкіх расейскіх палітвязняў з просьбай задаволіць патэнцыйны абмен. Усяго Украіна ацэньвае колькасць расейцаў, пацярпелых за антываенную пазіцыю, у амаль 20 тысяч чалавек.
Як нагадвае НН, у Беларусі толькі ў дні «рэферэндуму» 27-28 лютага 2022 года праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне было арыштавана па адміністрацыйным артыкуле мінімум 600 чалавек. Станам на люты 2023-га былі вядомы імёны 90 беларусаў, на якіх завялі крымінальныя справы за падтрымку Украіны ці асуджэнне вайны. Гэты тыя, хто ўжо быў у СІЗА ці быў асуджаны. Сапраўдная лічба будзе куды большай. Таксама варта памятаць і пра тых беларусаў, якія змагаюцца за Украіну ў шэрагах УСУ.
Беларускае Радыё Рацыя