Украіна напярэдадні парламенцкіх выбараў
Ва Украіне застаецца няшмат часу да парламенцкіх выбараў 26-га кастрычніка.
“Спадзяемся, што на гэтых выбарах перамогуць рэфарматарскія сілы, бо сёння Украіна патрабуе рэфармавання грамадства”, – каментуе старшыня камісіі замежных справаў польскага Сейма Роберт Тышкевіч адну з самых важных бліжэйшых падзей ва Украіне.
– Каб Украіна ўстала на ногі, змагла вярнуць спакой у краіну і нармалізаваць эканамічную сітуацыю, а таксама знайсці эканамічную моц, без якой цяжка будзе супрацьстаяць крызісным з’явам, неабходны рэформы. Без правядзення рэформаў гэта ўсё цяжка будзе рэалізаваць. Украіну чакае доўгі шлях пераўтварэнняў. І тут мае месца таксама забавязанне міжнароднай супольнасці ў фінансавай падтрымцы, бо для правядзення рэформаў ва Украіне патрэбны вялікія грошы.
Міжнародныя фінансавыя інстытуты падрыхтавалі пакет дапамогі Украіне ў памеры каля 18 мільярдаў даляраў. Але працэс падтрымкі будзе запушчаны толькі пасля пачатку рэформаў. «Для гэтага Украіне патрэбна перамога на выбарах тых кандыдатаў, якія хочуць незалежнай, дэмакратычнай, заходнеарыентаванай, са свабодным рынкам Украіны», – падкрэсліў палітык.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота joinfo.ua