Украіна не бачыць магчымасці супрацы з Польшчай у рамках Форуму гісторыкаў



Гэта вынік польскага закону, які ўводзіць адказнасць за адмаўленне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў.

Украінскі Інстытут нацыянальнай памяці ня бачыць магчымасці супрацы з Польшчай у рамках Форуму гісторыкаў. Украінскі ІНП заявіў пра гэта пасля таго, як у Польшчы прынялі новы закон аб ІНП, які, між іншым, уводзіць адказнасць за адмаўленне злачынстваў, здзейсненых украінскімі нацыяналістамі супраць палякаў.

У выдадзеным камюніке ўкраінскі Інстытут нацыянальнай памяці паведамляе, што “прыняццё новага закону аб ІНП у Польшчы, які прадугледжвае, між іншым, крымінальную адказнасць за аспрэчванне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў у 1925-1950 гадах, сур’ёзна абмяжоўвае поле дыскусіі і дыялогу” гісторыкаў.

ІНП у Кіеве заявіў, што ў сувязі з польскім законам ён ня можа “гарантаваць украінскім даследчыкам свабоду слова на тэрыторыі Польшчы”, а нават “бяспеку падчас іх прыбывання” ў гэтай краіне. “Таму, прытрымліваючыся каштоўнасцей адкрытага дыялогу і свабоднага доступу да крыніц, мы звяртаемся да польскіх калег з прапановай працягваць гістарычныя дыскусіі на тэрыторыі Украіны, дзе няма ніякіх абмежаванняў, ці палітычнага дыктату ў пытанні ацэнкі мінулага”, — напісана ў заяве.

Украінскі ІНП нагадаў, што з 2015 году адбылося пяць сустрэч удзельнікаў украінска-польскага Форуму гісторыкаў. Сустрэчы праходзяць два разы ў год, па чарзе ў Польшчы і ва Украіне.

Польскае Радыё