Украіна адмаўляецца весці перамовы па Данбасу ў Менску



Украіна не згодная на аднаўленне вочнага фармату перамоваў па Данбасу ў Менску.

Пра гэта на тэлеканале „Украіна 24” паведаміў дарадца ўкраінскай дэлегацыі ў Трохбаковай кантактнай групе Аляксей Арастовіч, каментуючы адпаведную прапанову Расеі:

«Я не ведаю, чым яны кіруюцца, але ўкраінская дэлегацыя кіруецца двума рэчамі. Першае, мы лічым, што эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе нам ехаць у Менск, і мы аддаем перавагу застацца ў рэжыме відэаканферэнцыі. Другое – гэта сітуацыя ў Беларусі, а менавіта тое, што мы не прызналі абраным прэзідэнтам Лукашэнку. Украіна адмовіла яму ў праве прадстаўляць беларускі народ. Гэта значыць, у такім стане ехаць у краіну і апеляваць да яе пасярэдніцкіх паслуг было б вялікай памылкай. Думаю, мы застанемся ў рэжыме відэаканферэнцыі пакуль», – заявіў Арастовіч.

У той жа час ён адзначыў, што выбар іншага месца для перамоваў замест Беларусі пакуль „носіць тэарэтычны характар”, так як розныя краіны прытрымліваюцца розных эпідэміялагічных мерапрыемстваў.

Фота: ukraina24.segodnya.ua