Украіна не прыняла новага расейскага пасла



Намеснік міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль заявіла, што Украіна адмовілася задаволіць прапанаваную РФ кандыдатуру на пасаду новага пасла. Пра гэта паведамляе «5 канал».

Паводле яе слоў, пытанне аб прызначэнні новага пасла «знятае з парадку дня» па ініцыятыве Украіны. «Прынамсі, так, як ён быў пастаўлены — ён зняты з парадку дня», — цытуе Зеркаль «Украінская праўда».

На думку намесніка міністра, адсутнасць ва Украіне расейскага пасла не паўплывае на развіццё адносін паміж краінамі. «Мы таксама лімітаваны ў магчымасцях нармальнай працы ў РФ, таму я думаю, што гэта ніяк не паўплывае, улічваючы, што роля папярэдняга пасла РФ у фарміраванні адносін была мінімальнай», — перадае словы Зеркаль ТАСС.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў на просьбу РБК пракаментаваць заяву Зеркаль заявіў, што яму «пакуль няма чаго дадаць да сказанага раней».

29 ліпеня Расея запрасіла ва Украіны папярэднюю згоду (гэтак званы агрэман) на прызначэнне амбасадарам Міхаіла Бабіча. Днём 3 жніўня Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што яму «пакуль няма чаго сказаць» пра тое, ці дала Украіна згоду.

Пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў быў звольнены з пасады 28 ліпеня. Ён займаў яе ад 2009 года. Пазней стала вядома, што ў Дзярждуму ўнесена кандыдатура паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе Міхаіла Бабіча.

Украіна адклікала свайго пасла Уладзіміра Ельчанка для кансультацый у сакавіку 2015 года. У снежні ён быў прызначаны пастаянным прадстаўніком Украіны ў ААН. Новы пасол прызначаны не быў.