Украіна не прызнала вынікі выбараў у Беларусі
Украінскі парламент не прызнаў афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Адпаведная заява прынятая на сённяшнім пленарным пасяджэнні Вярхоўнай рады.
Дэпутаты адзначаюць, што выбары не былі „ні свабоднымі, ні сумленнымі”, прайшлі „ва ўмовах поўнай адсутнасці спаборнасці паміж кандыдатамі, свабодных СМІ, а таксама аўтарытэтных назіральнікаў ад міжнародных арганізацый, такіх як АБСЕ, Савет Еўропы”.
Выбары адбыліся „з істотнымі парушэннямі, шматлікімі адмовамі ў рэгістрацыі кандыдатаў, непразрыстым падлікам галасоў”. „Мы лічым недапушчальным запалохванне апанентаў, іх арышт, стварэнне перашкод незалежным нацыянальным назіральнікам на выбарчых участках, парушэнне права выбаршчыкаў на свабоднае волевыяўленне, а таксама поўны кантроль улады над Цэнтральнай выбарчай камісіяй”, — гаворыцца ў заяве.
Парламентарыі асуджаюць „прымяненне празмернай сілы і жорсткасці з боку праваахоўных органаў”, далучаюцца да ацэнак Еўрасаюза аб „недэмакратычным характары прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”, падтрымліваюць „увядзенне санкцый у дачыненні да адказных за фальсіфікацыі вынікаў выбараў і прымяненне гвалту супраць пратэстоўцаў”.
Вярхоўная рада „патрабуе вызвалення ўсіх без выключэння затрыманых і спадзяецца, што афіцыйная ўлада Беларусі не дапусціць далейшай эскалацыі і напружання ў беларускім грамадстве, пераследу па палітычных матывах як сваіх апанентаў, так і грамадзян Беларусі, якія выйшлі на вуліцы гарадоў паказаць сваю нязгоду з дзеяннямі афіцыйнай улады і маюць уласнае альтэрнатыўнае меркаванне”. Дэпутаты асуджаюць незаконнае затрыманне сваіх суайчыннікаў на тэрыторыі Беларусі і абяцаюць абараняць іх правы і інтарэсы „ўсімі законнымі сродкамі”.
Парламент падкрэслівае, што Украіна паважае суверэнітэт суседняй дзяржавы і прытрымліваецца прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы. „У сувязі з гэтым мы рашуча не прымаем абвінавачвання беларускага боку ў датычнасці да дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі”, — заяўляюць дэпутаты.
У дакуменце названыя недапушчальнымі „любыя намеры прыцягнуць сілы РФ і АДКБ для ўрэгулявання сітуацыі ў Беларусі”. Падобны крок стане „прамой пагрозай для агульнаеўрапейскай бяспекі і бяспекі Украіны”.
Рада заклікае беларускія ўлады „наладзіць раўнапраўны дыялог” з грамадствам „для пошуку шляхоў мірнага выхаду з цяперашняга крызісу”. „Адным з варыянтаў” прапануецца арганізацыя новых, свабодных і дэмакратычных выбараў з удзелам незалежных міжнародных назіральнікаў ад вядучых еўрапейскіх інстытуцый.
Правесці новыя выбары для выхаду з крызісу раней прапанаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. На яго думку, калі ўлады не пойдуць на дыялог з грамадствам, у Беларусі можа здарыцца „нешта накшталт Майдана”.