Украіна пачынае блакаду Крыма



З адпаведнай заявай выступіў прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк.

Фактычная блакада Крыма распачалася яшчэ 20 верасня. Ініцыятарамі блакады выступілі крымскія татары, а таксама актывісты з добраахвотных батальёнаў. Татары і добраахвотнікі перакрылі ўсе шляхі, па якіх на паўвостраў пастаўлялася харчаванне. Але ж такія дзеянні знаходзіліся відавочна ў па-за прававым полі.

Цяпер рашэнне блакаваць анэксаваную тэрыторыю прынятае на дзяржаўным узроўні. Прычына такога радыкальнага кроку ўкраінскіх уладаў – сістэмныя парушэнні ў Крыме правоў чалавека, уціск на крымска-татарскае насельніцтва, а таксама нежаданне карміць акупацыйныя ўлады.

Згодна з канцэпцыяй блакады анэксаванай тэрыторыі, з матэрыковай Украіны на паўвостраў забараняецца пастаўляць тавары, паслугі і працы, за выключэннем асабістых рэчаў грамадзянаў, сацыяльна значных прадуктаў харчавання і сацыяльнай дапамогі. Электрычнасць можа пастаўляцца толькі на падставе рашэння Рады Нацыянальнай бяспекі і абароны Ўкраіны.

Рашэнне пра блакаду Крыма набывае моц праз 30 дзён.

За першыя 10 месяцаў гэтага года тавараабарот паміж Крымам і матэрыковай Украінай складаў каля 702 мільёнаў даляраў.  Як крымскія ўлады будуць вырашаць праблему пастаўкі харчавання, пакуль невядома.

 Марцін Война, Беларускае Радый Рацыя