Першая хваля мабілізацыі распачалася ва Украіне
Адпаведны дэкрэт аб прызыве сёлета на вайсковыя зборы амаль ста тысяч украінцаў падпісаў Пятро Парашэнка. Збор будзе трываць 90 дзён.
“Мабілізацыя сёння несвоечасовая і немэтазгодная”, – адзначыў у эфіры Беларускае Радыё Рацыя ўкраінскі палітолаг і журналіст Яраслаў Чарназуб:
– Калі сёння дзяржава дасць адэкватны адказ на тое, ці задзейнічаныя ўсе рэсурсы сілавых ведамстваў, ці сапраўды адпрацоўвае сілавы апарат Украіны свае заданні, тады можна будзе гаварыць пра правільнасць такога рашэння. Але, калі такога адказу няма, то зразумела, што мабілізаваць грамадзянаў – неабдуманы і неразумны дзяржаўны крок.
Мабілізацыя пройдзе ў тры хвалі чарговыя дзьве хвалі пройдуць у красавіку і чэрвені. Сёлета Україна плануе павялічыць колькасць вайскоўцаў з 232 да 250 тысяч.
У 2013 годзе колькасць вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны складала 130 тысяч асобаў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Ва Украіне пачалася першая хваля частковай мабілізацыі. Мабілізацыю будуць праводзіць у тры чаргі на працягу сямі месяцаў. Першая хваля мае працягласць 90 дзён, у час яе плануюць прызваць 50 тысяч чалавек.
Прызыў ваенна-абавязаных і рэзервістаў праводзяць для патрэбаў Узброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі, Службы бяспекі, Дзяржаўнай пагранічнай службы ды іншых вайсковых фармаванняў Украіны.
Паводле ўкраінскага боку, у Данбасе сілы сепаратыстаў налічваюць 36 тысяч чалавек, з якіх 8,5 тысяч – жаўнеры рэгулярнага расейскага войска. Сепаратысты маюць больш за паўтысячу танкаў, каля тысячы бронемашын. Ва Украіне ж у войску служыць больш за 200 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота uapress.info