Украіна працуе над «Кнігай катаў»
Украіна падрыхтавала праекты нарматыўна-прававой базы і статутных дакумэнтаў для найхутчэйшага запуску работы спецыяльнага трыбуналу па расследаванні злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Смірноў.
«Цяпер праводзяцца кансультацыі з дзяржавамі-партнёрамі, міжнароднымі арганізацыямі, вызначаецца аптымальны фармат заснавання і работы трыбуналу», — падкрэсліў ён. Па словах Смірнова, заяву аб стварэнні такога трыбуналу ўжо падтрымалі «еўрапейскія і сусветныя інтэлектуалы, вядучыя юрысты-міжнароднікі і грамадскія дзеячы».
Акрамя таго, украінскі бок цяпер працуе над стварэннем «Кнігі катаў». У яе ўвойдуць звесткі пра «кожнага ваеннага злачынцу Расеі, які мае дачыненне да вайны і зверстваў, якія рабіліся і робяцца на тэрыторыі Украіны».
Беларускае Радыё Рацыя