Украіна правяла вучэнні на мяжы з Беларуссю



Украінскія вайскоўцы правялі вучэнні паблізу мяжы з Беларуссю. Падчас трэніровак яны адпрацавалі тактычныя ўменні, зладжанасць дзеянняў пяхоты і афіцэраў. Пра гэта паведаміў у Telegram намеснік камандуючага Сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Украіны Аляксандр Паўлюк.

У вучэннях каля беларускай мяжы бралі ўдзел 120-я асобная брыгада тэрытарыяльнай абароны і падпарадкаваныя вайсковыя часці. У час трэніровак былі правераны тактычныя ўменні, зладжанасць дзеянняў у рабоце афіцэраў кіравання і пяхотных падраздзяленняў.

– Таксама адпрацоўваўся рух цяжкай тэхнікі па пантонах і паляпшэнне працы артылерыі. У выніку вучэнняў вайскоўцы выканалі ўсе заданні па адбіцці магчымага наступу ворага, – адзначыў Паўлюк.

Нагадаем, напярэдадні камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Наеў заявіў, што „цяпер пагрозы з боку Беларусі яшчэ няма”, нягледзячы на назапашванне саюзнай групоўкі войскаў.
Тым не менш нядаўна намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Ігар Бандарэнка заявіў, што ў прымежных з Беларуссю абласцях ідзе ўзмацненне мяжы, „каб у выпадку агрэсіі можна было даць годны адпор”. Паводле яго слоў, працягваюцца мерапрыемствы па ўзмацненню мяжы, узводзяцца неабходныя збудаванні, адпрацоўваецца ўзаемадзеянне паміж сіламі бяспекі і абароны: памежнікамі, Нацпаліцыяй і Нацгвардыяй.

Акрамя таго, Украіна будуе сцяну на мяжы з Беларуссю. Ужо ўзведзена 3 км плота, і працы працягваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя