Украіна робіць яшчэ адзін крок, каб аддаліцца ад Расеі



Украіна робіць захады па скасаванні Дамовы аб дружбе, супрацы і партнёрстве з Расеяй, якая была падпісана ў 1997 годзе. 6 верасня на прапанову МЗС Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняў рашэнне аб спыненні дзеяння гэтага дакумента. 17 верасня падпісаў указ прэзідэнт Пётр Парашэнка, паводле якога рашэнне Савета пачынае дзейнічаць.

Украінскі палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда ў каментары Еўрарадыё кажа, што „ёсць працэдура непрацягнення дамовы, і дзякуючы гэтаму яна ў наступным годзе спыніць сваё дзеянне”. МЗС Украіны мусіць праінфармаваць знешнепалітычнае ведамства Расеі пра гэты намер, а Парашэнка ўнясе ў парламент адпаведны законапраект.

„Павага межаў, якая была важная ў 1997 годзе, праз шэсць гадоў пасля распаду Савецкага Саюза, на сённяшні дзень Расеяй растаптана, — кажа Магда. — І гэта ўжо не стрымліваючы фактар. А асноўныя правы грамадзян Украіны і Расеі рэгулююцца нормамі міжнароднага права, якія ўніверсальныя і для Украіны, і для Расеі. Таму ў цяперашняй сітуацыі чапляцца за дамову афіцыйны Кіеў не стаў”.

Палітолаг адзначае, што дыпламатычных адносін паміж краінамі „дэ-юрэ няма ўжо сёння”. „Іх не спяшаюцца разрываць, каб не ствараць найперш складанасцяў для работнікаў консульстваў, якія клапоцяцца пра шэраговых грамадзян”, — адзначыў Яўген Магда. Да таго ж, ваенна-палітычнага супрацоўніцтва няма і не можа быць з-за сітуацыі з Крымам і Данбасам, Украіна „ўжо 1000 дзён наўпрост не купляе расейскага газу”, а тавараабарот паміж краінамі з кожным годам зніжаецца.

Еўрарадыё

Фота: twitter.com/poroshenko