Аксана Вайцюк: Новая сіла мае ўсе шансы прыйсці ў парламент Украіны



Украінцы жадаюць у палітыцы новых асобаў – сказала ў праекце “Месца для прэсы” украінскі палітолаг Аксана Вайцюк.

IMG_2405

Пра гэта сведчыць папулярнасць палітычных аб’яднанняў, якія з’явіліся на хвалі Еўрамайдану, сярод якіх напрыклад, новае аб’яднанне Самапомач – кажа палітолаг:

– Новы дух, новая сіла, якая мае ўсе шансы прыйсці ў парламент. Ёсць вельмі шмат новых імёнаў, якія раней не былі ў парламенце. Уласна гэтыя людзі будуць прадстаўляць гэтую партыю ў парламенце. У прынцыпе, напачатку Самапомач мела вельмі нізкі адсотак, але, чым бліжэй да выбараў, тым больш ў яе шансаў.

Сацыялогі паведамляюць, што ў новы склад парламенту могуць патрапіць ад 5 да 7 партый. Сярод якіх Радыкальная партыя Алега Ляшка, Бацькаўшчына Юліі Цімашенкі, Моцная Украіна Сяргія Цігіпкі, Народны фронт. За «Блок Пятра Парашэнкі», паводле сацыёлагаў, гатовыя аддаць свае галасы каля 30 % выбарцаў. І гэта ня будзе бліскучая перамога, як на выбарах прэзідэнта – падкрэслівае палітолаг Аксана Вайцюк:

– Яны будуць вымушаныя дамаўляцца… А што да крытыкі непасрэдна прэзідэнта, я лічу, што зараз вельмі цяжкі час. Прэзідэнту вельмі цяжка і вельмі складана, і ён сапраўды стараецца і робіць усё мажлівае, каб стабілізаваць гэтую сітуацыю. І мінула яшчэ мала часу ад выбараў прэзідэнта. Яму проста трэба даць шанс. 

Датэрміновыя выбары ва Украіне пройдуць 26 кастрычніка. У той жа час сепаратысты Данбасу заяўляюць пра планы аднаўлення ваенных дзеянняў і намеры захопу шэрагу гарадоў – Краматорска, Славянска і Марыупаля.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя